Я беларускай мовы носьбiт,
Адданы за яе змагар.
Няўжо не будзе прыкра ўнукам,
Што мы згубiлi гэты дар...
(Рыгор Барадулін)
Паэзія народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна — з'ява
ўнікальная і непаўторная. Яна шматколерная, пластычная, адлюстроўвае
прыгажосць роднай зямлі. Вершы яго нават без подпісу пазнаюцца па яркай
вобразнасці, рытміцы і ўнутранай рыфме.
Ён сам увасобіў у сабе ўвесь свет, пра які так шчыра і яскрава
пісаў. Але самае галоўнае – Барадулін быў патрыётам сваёй зямлі. Не так
ужо проста – быць сапраўдным рыцарам слова, смелым і непахісным у тым,
каб адстойваць праўду і дабрыню на роднай зямлі. Але менавіта гэткім
чалавекам быў Рыгор Іванавіч Барадулін, ці проста дзядзька Рыгор, як ён
сам часцяком прасіў называць сябе.
Упершыню творы Барадуліна ў друк выйшлі ў 1953 годзе ў газеце
“Чырвоная змена”. Зусім малады яшчэ тады Рыгор навучаўся ў сярэдняй
школе ва Ушачах. Як сказалі б зараз, беларускі хлопец лёг звычайным
чалавекам, а прачнуўся ўжо вядомым паэтам. Канешне, шлях і выпрабаванні
ў ягоным жыцці не былі лёгкімі, як і ў кожнага, хто глыбока адчувае
ўсе праявы гэтага свету – як добрыя, так і благія.
Барадулін пісаў для ўсіх. У яго творах ёсць і смешнае, і сумнае,
і яскрава-прыўкраснае, і таемнае, і рамантычнае, і нават жудаснае…
Багаты ўнутраны свет паэта, ягонае адчуванне наваколля, ягоныя пачуцці,
мары – усё гэта ўвасобілася ў творах Рыгора Барадуліна.
Ён сыйшоў, але пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну –
спадчыну слова і памяці. Пры ягоным жыцці ў свет выйшла каля 100
зборнікаў вершаў, слоўнік “Вушацкі словазбор”, дзе пад вокладкай гэтага
ўнікальнага выдання сабраныя неацэнныя скарбы беларускай мовы, якія,
пачынаючы са школьных гадоў – і ўсё жыццё, бесперапынна занатоўваў за
роднымі і землякамі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Акрамя таго,
Барадулін займаўся шматлікімі перакладамі з замежных моваў, ствараў
эссэ, крытычныя артыкулы і г.д.
Кім жа застанецца сам Рыгор Барадулін у нашых сэрцах, памяці і
думках? Мабыць, тым сапраўдным ваяром мовы, якую ён так аберагаў. Усе
словы паэта, усе ягоныя мары заўсёды былі пра тое, каб жыла надалей
наша беларуская мова. Аб гэтым сведчаць яго словы:
"Цяпер чую ў натоўпе беларускую мову дужа рэдка, ці ад старых
людзей, ці ад тых, што з вёскі прыехалі. З аднаго боку, гэта сумна, а з
іншага — радасна, калі ад моладзі чую, значыць, нейкая перспектыва
яшчэ ёсць. […] Хаця паўсюль цяпер ідзе ўдушэнне беларускай мовы — такое
ўражанне, што пятлю ўжо накінулі, але не да канца зацягнулі. Іншым
часам нават здаецца, што было б лепш, каб мову забаранілі зусім, —
можа, тады б пачалася зваротная рэакцыя. […] Маёй звышзадачай,
безумоўна, было, каб усе беларусы гаварылі па-беларуску, каб любілі
сваю мову, беларускую паэзію, каб беларуская мова гучала шырока. Але
гэта такая, як вам сказаць, ружовая мара. […] І мову нашу пакрываюць
асфальтам".
Кніжная выстава, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Рыгора
Барадуліна, будзе прадстаўлена ў чытальнай зале № 1, корпус № 4 па
вул.Савецкай, 104 і на абанеменце № 2 па вул. Савецкай, 106.