четверг, 19 февраля 2015 г.

Рыгор Барадулін – чарадзей беларускай мовы

Я беларускай мовы носьбiт,
Адданы за яе змагар.
Няўжо не будзе прыкра ўнукам,
Што мы згубiлi гэты дар...
(Рыгор Барадулін)

    Паэзія народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна — з'ява ўнікальная і непаўторная. Яна шматколерная, пластычная, адлюстроўвае прыгажосць роднай зямлі. Вершы яго нават без подпісу пазнаюцца па яркай вобразнасці, рытміцы і ўнутранай рыфме.
    Ён сам увасобіў у сабе ўвесь свет, пра які так шчыра і яскрава пісаў. Але самае галоўнае – Барадулін быў патрыётам сваёй зямлі. Не так ужо проста – быць сапраўдным рыцарам слова, смелым і непахісным у тым, каб адстойваць праўду і дабрыню на роднай зямлі. Але менавіта гэткім чалавекам быў Рыгор Іванавіч Барадулін, ці проста дзядзька Рыгор, як ён сам часцяком прасіў называць сябе.
    Упершыню творы Барадуліна ў друк выйшлі ў 1953 годзе ў газеце “Чырвоная змена”. Зусім малады яшчэ тады Рыгор навучаўся ў сярэдняй школе ва Ушачах. Як сказалі б зараз, беларускі хлопец лёг звычайным чалавекам, а прачнуўся ўжо вядомым паэтам. Канешне, шлях і выпрабаванні ў ягоным жыцці не былі лёгкімі, як і ў кожнага, хто глыбока адчувае ўсе праявы гэтага свету – як добрыя, так і благія.
    Барадулін пісаў для ўсіх. У яго творах ёсць і смешнае, і сумнае, і яскрава-прыўкраснае, і таемнае, і рамантычнае, і нават жудаснае… Багаты ўнутраны свет паэта, ягонае адчуванне наваколля, ягоныя пачуцці, мары – усё гэта ўвасобілася ў творах Рыгора Барадуліна.
    Ён сыйшоў, але пакінуў пасля сябе вялікую творчую спадчыну – спадчыну слова і памяці. Пры ягоным жыцці ў свет выйшла каля 100 зборнікаў вершаў, слоўнік “Вушацкі словазбор”, дзе пад вокладкай гэтага ўнікальнага выдання сабраныя неацэнныя скарбы беларускай мовы, якія, пачынаючы са школьных гадоў – і ўсё жыццё, бесперапынна занатоўваў за роднымі і землякамі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Акрамя таго, Барадулін займаўся шматлікімі перакладамі з замежных моваў, ствараў эссэ, крытычныя артыкулы і г.д.
    Кім жа застанецца сам Рыгор Барадулін у нашых сэрцах, памяці і думках? Мабыць, тым сапраўдным ваяром мовы, якую ён так аберагаў. Усе словы паэта, усе ягоныя мары заўсёды былі пра тое, каб жыла надалей наша беларуская мова. Аб гэтым сведчаць яго словы:
    "Цяпер чую ў натоўпе беларускую мову дужа рэдка, ці ад старых людзей, ці ад тых, што з вёскі прыехалі. З аднаго боку, гэта сумна, а з іншага — радасна, калі ад моладзі чую, значыць, нейкая перспектыва яшчэ ёсць. […] Хаця паўсюль цяпер ідзе ўдушэнне беларускай мовы — такое ўражанне, што пятлю ўжо накінулі, але не да канца зацягнулі. Іншым часам нават здаецца, што было б лепш, каб мову забаранілі зусім, — можа, тады б пачалася зваротная рэакцыя. […] Маёй звышзадачай, безумоўна, было, каб усе беларусы гаварылі па-беларуску, каб любілі сваю мову, беларускую паэзію, каб беларуская мова гучала шырока. Але гэта такая, як вам сказаць, ружовая мара. […] І мову нашу пакрываюць асфальтам".
    Кніжная выстава, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння Рыгора Барадуліна, будзе прадстаўлена ў чытальнай зале № 1, корпус № 4 па вул.Савецкай, 104 і на абанеменце № 2 па вул. Савецкай, 106.